4740 прадстаўнікоў у Палацы спорту: як пачынаўся народны форум
Першы ў гісторыі суверэннай Беларусі народны форум адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 года. Час быў няпросты: краіна знаходзілася ў стане эканамічнага хаосу і палітычнага канфлікту і шукала выйсце. Як быць далей, які выбраць шлях? Што рабіць з заводамі і фабрыкамі, якія больш прастойвалі, чым працавалі? Прадаць багатым ці ўзяць пад крыло дзяржавы? Як узнімаць медыцыну, адукацыю? Як вывесці з заняпаду сяло?
Пытанняў было шмат, і ў жніўні 1996 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, якія б адлюстроўвалі пераход рэспублікі з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую. Рэферэндум адбыўся ў канцы лістапада 1996 года, а за месяц да яго прайшоў першы Усебеларускі народны сход, на якім абмеркавалі шматлікія праблемы і вызначылі стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Сход сабраў 4740 удзельнікаў, а месцам яго правядзення вызначылі сталічны Палац спорту. На той момант гэта была адзіная ў краіне пляцоўка, здольная змясціць такую колькасць людзей. Ад Глускага раёна на першы Усебеларускі народны сход былі выбраны 18 чалавек. Рабочы клас раёна на народным форуме прадстаўляў слесар-наладчык Аляксандр Міхайлавіча Галаўнёў. А ўзначальваў дэлегацыю тагачасны старшыня райвыканкама Віктар Шчэцька.
– Мы складалі даволі значнае прадстаўніцтва: ад кожнага прадпрыемства і кожнага калгаса ехалі людзі. Старшыні калгасаў былі, з “Турыно”, здаецца, быў камбайнер, былі механізатары. Мы ехалі вялікай калонай, больш за дзесяць аўтобусаў, бо з кожнага раёна вобласці сабраліся удзельнікі, – успамiнае Аляксандр Галаўнёў, якi сёння працуе слесарам па рамонце паліўнай апаратуры ў Аўтапарку № 15. – Жылі ў спарткомплексе «Стайкі», а сам Сход праходзіў у Палацы спорту на працягу двух дзён. Народу, канешне, шмат. Перад усімі выступаў Аляксандр Лукашэнка, расказваў пра сваё бачанне таго, як жыць далей, як будаваць жыццё ў дзяржаве. Час жа быў такі цяжкі, складаны, што здавалася парою: прасвету няма.
Малады Аляксандр Лукашэнка казаў слушныя рэчы, блізкія людзям, зразумелыя – і беларусы падтрымалі Прэзiдэнта ў яго пачынаннях.
– На памяць пра народны форум у мяне захавалася картка-пропуск. Таксама ўсім дэлегатам дарылі наручныя гадзіннікі, на цыферблаце – беларускі сцяг і надпіс «Всебелорусское народное собрание октябрь 1996 г.». Добры быў гадзіннік, падарыў яго жонцы, яна доўга потым насіла.