«Рашэнні таго сходу не проста выкананы, а перавыкананы»
У кастрычніку 2026 года Усебеларускі народны сход адзначыць 30-годдзе свайго існавання. Успамінамі пра ІІІ УНС падзялілася былы дырэктар Каўшэлеўскага сельскага Дома культуры Надзея Вайцюль:
– ІІІ Усебеларускі народны сход праходзіў у Мінску 2 і 3 сакавіка 2006 года. Гэта стала адной з самых яркіх падзей у маім жыцці. Тады наш раён разам са мной прадстаўлялі сем чалавек. Сярод дэлегатаў былі прадстаўнікі розных прафесій: вертыкаль мясцовай улады, работнікі ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі, ветэраны працы. Але ўсіх нас аб’ядноўвала адданасць любімай справе, малой радзіме.
Дні, праведзеныя ў Мінску, прайшлі як адно імгненне, пакінуўшы пасля сябе незабыўныя ўражанні і пачуццё вялікай адказнасці.
– Маштаб падзеі адчуваўся ва ўсім. Захоплівала дух ад урачыстасці моманту: асабліва, калі ў першы дзень работы сходу ў Палацы Рэспублікі мы сталі гледачамі грандыёзнага канцэрта майстроў мастацтваў. Гэта было сапраўднае свята таленту і нацыянальнага адзінства.

Галоўнай падзеяй ІІІ Усебеларускага народнага сходу стаў зразумелы кожнаму выраз: «Дзяржава для народа». У памяці яскрава захавалася выступленне Прэзідэнта, яго шчырасць і глыбокае разуменне праблем простых людзей. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаная тады дэлегатамі, вызначыла інавацыйны шлях Беларусі і кардынальнае павышэнне якасці жыцця грамадзян. У цэнтры ўвагі стаяў чалавек, яго дабрабыт, здароўе і развіццё.

– Мы вярталіся дадому з яскравым усведамленнем таго, што дзяржава бярэ на сябе сур’ёзныя сацыяльныя абавязацельствы. І час даказаў, што ўсе прынятыя тады рашэнні былі не проста выкананы, а перавыкананы. За гэтыя гады краіна, і наш раён у тым ліку, змянілася да непазнавальнасці – і выключна ў лепшы бок. Шмат увагі надаецца развіццю культуры, адукацыі, спорту, – расказвае Надзея Вайцюль. – Мінула дваццаць гадоў, а тыя дні ў Мінску я ўспамінаю з асаблівым хваляваннем. І гонар, і лёгкая настальгія – бо менавіта тады быў закладзены трывалы падмурак сацыяльнай палітыкі, які і сёння трымае нашу краіну.
Видеовизитка