«Варта кожнаму на сваім месцы працаваць належным чынам» – рэцэпт поспеху ад камбайнера
Працоўны стаж Уладзіміра Лаўцэвіча ў сельскай гаспадарцы – 38 гадоў, з іх 37 – камбайнерскі. Тысячныя і вышэйшыя намалоты збожжавых і зернебабовых культур – літаральна кожны год. Адзінаццаць разоў ён меў гонар удзельнічаць у рэспубліканскіх «Дажынках», двойчы выбіраўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Пра яго дасягненні ведае большасць жыхароў раёна незалежна ад узросту і сферы дзейнасці. Уладзімір Лаўцэвіч не проста імя – гэта ўжо сімвал высокага прафесіяналізму, апантанай працавітасці і адданасці справе і роднаму краю.

Рашэнне, аб якім ніколі не пашкадаваў

Любоў да тэхнікі і пашану да працы ў сельскай гаспадарцы юнаму Валодзю прывілі бацькі, асабліва тата Пётр Вікенцьевіч, які рупіўся на палях тагачаснага саўгаса «Докшыцкі». Хлопец з задавальненнем дапамагаў яму рамантаваць трактар, а ў гарачую пару жніва мосцік бацькавага камбайна станавіўся для яго другім домам.
– Яшчэ з тых часоў пасялілася ў маім сэрцы нейкае асабліва цёплае пачуццё ад сузірання хлебнай нівы, – гаворыць Уладзімір Пятровіч. – А калі «плывеш» на камбайне ў залацістым збожжы і калі з бункера ліецца ў кузаў аўтамабіля ці прычэп трактара зерневы паток, пачуццё гэта ўзмацняецца ў разы. Так, работу ў полі ад зары да зары лёгкай не назавеш. Але ж вынік яе варты тых намаганняў.
Аднак механізатарам Уладзімір Пятровіч стаў не адразу – у Глыбоцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы атрымаў правы вадзіцеля і пасля службы ў арміі працаваў тры гады вадзіцелем на камбінаце бытавога абслугоўвання ў Докшыцах. Калі ж прапанавалі перайсці ў райаграсэрвіс і стаць механізатарам, ні хвіліны не вагаўся, неяк адразу адчуў, што ніколі не пашкадуе аб гэтым рашэнні. Так і сталася.
Грамат, дыпломаў, падзяк за добрасумленную працу, высокія паказчыкі, перамогі ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах у мужчыны столькі, што, калі скласці іх у адзін стос, бадай што, стос той будзе ў яго рост. Два аўтамабілі ўручыў Прэзідэнт Лаўцэвічу за працу на рэспубліканскіх «Дажынках» – у 2006 і 2012 гадах.

Усё, што павышае дабрабыт, дае ўпэўненасць у будучым
Уладзімір Пятровіч заўжды ў курсе ўсіх палітычных, эканамічных, культурных пераўтварэнняў, што адбываюцца ў грамадстве, і ўдзел у V і VI Усебеларускім народным сходзе лічыць самымі яркімі і значнымі падзеямі ў сваім жыцці.


– Дыялог з Прэзідэнтам быў на абодвух сходах вельмі жывым і эмацыянальным, – дзеліцца ўражаннямі субяседнік. – Разам з тым душа поўнілася адчуваннем значнасці і велічнасці такога ўсенароднага згуртавання, высокай адказнасці, разумення таго, што ад грамадскай дыскусіі будзе залежаць абранне курсу далейшага развіцця краіны. Што аб’ядноўвала ўдзельнікаў сходаў з рознымі поглядамі на тыя ці іншыя пытанні, дык гэта тое, што ўсе мы былі перакананы: будучыня краіны вызначаецца менавіта ў такой вось цывілізаванай дыскусіі. Бязмерна рады ўсім станоўчым зменам у розных галінах, што адбываюцца ў краіне ў цэлым і нашым раёне ў прыватнасці. Калі гаварыць пра найбольш блізкае – сельскую гаспадарку, то можна адзначыць такія фактары, як новая сучасная тэхніка, якой папаўняюцца машынна-трактарныя паркі сельгаспрадпрыемстваў; укараненне перадавых тэхналогій; вырошчванне высокаўраджайных сартоў і гібрыдаў збожжавых, кукурузы, рапсу; будаўніцтва і рэканструкцыя малочнатаварных фермаў і комплексаў. Адным словам, усё тое, што павышае дабрабыт і саміх сельгасарганізацый, і іх работнікаў, дае ўпэўненасць у будучым. Варта толькі кожнаму на сваім месцы працаваць належным чынам.



Видеовизитка