Кожнае рашэнне сходу – складнік якаснага жыцця беларусаў
Стаць удзельнікам УНС, адчуць гэту адказнасць, датыкнуцца да вырашэння найбольш важных дзяржаўных задач – падзея, якая займае асаблівае месца ў памяці. У гэтым пераканана ляхавічанка Святлана Ермаковіч. Для сваіх землякоў гэты чалавек знаёмы перш за ўсё як выдатны педагог. Больш за 40 гадоў Святлана Вікенцьеўна выкладае беларускую мову і літаратуру, вучыць юных беларусаў адчуваць сэрцам самую сакавітую і мілагучную мову ў свеце. Бо ўпэўнена: немагчыма жыць у краіне без павагі і любві да матчынай мовы, таму са сваімі вучнямі імкнецца глядзець на свет па-беларуску, думаць і разважаць па-роднаму. У гэтым яе педагагічны сакрэт: падыходзіць да справы з любоўю, адкрываць свет з дзецьмі праз самыя лепшыя пачуцці.

Тэзісы, якія актуальны і сёння

– Па сёння захоўваю пасведчанне дэлегата V Усебеларускага народнага сходу. Тады, 22–23 чэрвеня 2016 года, побач з прадстаўнікамі з усёй краіны прымала ўдзел у такой важнай падзеі. Памятаю даклад нашага Прэзідэнта – грунтоўны, дэталёвы, ён закранаў усе сферы нашага жыцця. І, ведаеце, калі паглыбіцца і паразважаць, Кіраўнік дзяржавы прадбачліва глядзеў наперад. Тое, што закраналася, знайшло адлюстраванне ў нашым жыцці. Як важна, што I Усебеларускі народны сход атрымаўся і даў традыцыю наступным пакаленням дэлегатаў прымаць рашэнні ў такім фармаце. І якія рашэнні! Яны тычацца нашага жыцця, нашых узаемаадносін з суседзямі, вызначаюць вектары ўнутранай і знешняй палітыкі. Тэзісы даклада гучаць вельмі актуальна і сёння, – успамінае Святлана Ермаковіч.
Адукацыйная прастора, інавацыі і перспектывы развіцця галіны заўжды закраналіся падчас УНС. Прэзідэнт ва ўсе часы акцэнтаваў увагу на тым , што сістэма адукацыі павінна развівацца з улікам патрабаванняў эканомікі, быць гібкай. У 2016 годзе падчас V УНС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што патрэбна пашыраць практыка-арыентаванае навучанне. Гэта адзіны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія ведаюць усе этапы вытворчасці.
– Паглядзіце, наколькі актуальна гэта гучыць зараз. Мы да гэтага вярнуліся і працуем з улікам практыка-арыентаванага падыходу. У 2025/2026 навучальным годзе ў Ляхавіцкім раёне 125 старшакласнікаў навучаліся ў класах прафесійнай накіраванасці. Гэта педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, аграрныя, інжынерныя, медыцынскія класы. І гэта практыка дала плён. Напрыклад, у 2026 годзе 100% гімназістаў – выпускнікоў інжынернага класа сталі навучэнцамі ўстаноў адукацыі па выбраным профілі. 80% выпускнікоў медыцынскага класа СШ № 2 сталі студэнтамі медыцынскіх устаноў адукацыі. Вось што значыць прафарыентацыйны падыход, – рэзюмуе педагог.

Камфортны варыянт праверкі ведаў

Святлана Вікенцьеўна – чалавек, якому заўжды трэба адчуваць сябе камфортна ў часе. Што гэта значыць? Любыя навацыі не могуць прайсці міма яе. Ды і як па-іншаму, калі яна шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гімназіі? А яшчэ рыхтуе школьнікаў устаноў адукацыі раёна да цэнтралізаванага экзамену і рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
– Безумоўна, тады як педагога мяне хвалявалі прапановы наконт змяненняў падыходу да здачы ЦТ. Прэзідэнт падкрэсліваў, што экзамен павінен паказаць атрыманыя веды, а не нанесці псіхалагічныя траўмы. Сёння мы бачым выбудаваную сістэмную здачу цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання. І для дзяцей гэта сапраўды вельмі камфортны варыянт праверкі ведаў, падсумавання ўсяго навучання. Тым больш здаюць экзамен рабяты тут, на месцы, у родным горадзе. Лічу такі комплексны падыход аптымальным. У выпускнікоў больш часу, каб спакойна, без мітусні падрыхтавацца да ЦТ, – адзначае Святлана Ермаковіч.
Прэзідэнт шмат увагі тады звярнуў на тое, што адукацыйныя працэсы павінны адлюстроўваць і ўлічваць рэчаіснасць. Гэта тычыцца і школьных праграм.
– Як педагог, заўжды звяртаю ўвагу на тое, як нашы праграмы адаптуюцца да інавацыйных змяненняў. Напрыклад, нашы школьнікі пачнуць вывучаць у кантэксце інфарматыкі тэму тэхналогіі штучнага інтэлекту. Дзевяцікласнікі будуць вучыцца прымяняць штучны інтэлект у мадэляванні. А як важна вучыць нашых дзяцей кібербяспецы – тэма прадыктавана часам, і наша Міністэрства адукацыі рэагуе на гэтыя змяненні ў грамадстве. А як заявілі пра сябе ваенна-патрыятычныя класы! Магу адназначна сказаць, што рабяты, якія там навучаюцца, становяцца больш дарослымі на вачах. Становяцца адказнымі, матываванымі, па-іншаму глядзяць на свет. Гэта не толькі пра зборку-разборку аўтамата. Тут варта глядзець глыбей! Гэта пра адказнасць абаронцаў, пра вернасць і любоў да Радзімы. Важна, што на базе гімназіі створаны гарадскі цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. А з гэтага года нашы юнакі будуць асвойваць навыкі кіравання беспілотнікамі ў межах школьнай праграмы! – расказвае Святлана Вікенцьеўна.

Мір, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні
V Усебеларускі народны сход падкрэсліў важную беларускую традыцыю жыцця. Галоўнымі дасягненнямі названы мір, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Гэта дасягненне і сёння наш беларускі брэнд.

– Заўжды сачу за рашэннямі УНС, была на сустрэчах з дэлегатамі цяперашняга сходу. Адзначу, што мы нават не ўсведамляем, якая важкая роля ў гэтай структуры, якую адказную місію нясуць на сабе ўсе яе рашэнні. Азірніцеся – кожны сход вызначаў стыль жыцця будучай пяцігодкі. Тады, у 2016 годзе, шмат гаварылася пра якасць жыцця беларусаў, у тым ліку медыцынскае абслугоўванне і сацыяльную абарону. Прыярытэтамі былі аб’яўлены інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. І гэта дзесяць гадоў назад – а прыярытэты гучаць моцна і сёння! Гэта была адкрытая размова з кожным дэлегатам, з кожным беларусам – гэта была размова на ўвесь свет. Прэзідэнт адкрыта гаварыў пра нашы планы. Памятаю, як ускалыхнула грамадства навіна пра пачатак будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Колькі было спрэчак, тысячы меркаванняў. І паглядзіце на гэта сённяшнімі вачыма, з улікам будучыні. Ужо тады гучала шмат рэйтынгаў, дзе Беларусь трымала лідарскія пазіцыі. У тым ліку – і па ўзроўні адукацыі. Таму варта сказаць так: праз гады мы бачым, што кожнае рашэнне сходу – гэта складнік нашага якаснага жыцця. Усё для беларусаў і Беларусі. Рада, што я стала часткай вялікай гісторыі, – адзначыла Святлана Ермаковіч.
Кожную раніцу настаўніца роднай мовы спяшаецца ў сваю гімназію, каб разам з вучнямі паглыбіцца ў свет прыгожых слоў. А па-за вучэбнымі буднямі Святлана Ермаковіч – у грамадскіх справах. Яна па сумяшчальніцтве – дэпутат раённага Савета дэпутатаў. А за гэтым таксама адказнасць, перш за ўсё перад выбаршчыкамі.
